Перайсці да зместу

Ганцавіцкі раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ганцавіцкі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Статус раён
Уваходзіць у Брэсцкая вобласць
Адміністрацыйны цэнтр
Кіраўнік Уладзімір Уладзіміравіч Бялоў[d][1]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 90,51 %, руская 8,53 %
Размаўляюць дома: беларуская 73,63 %, руская 23,39 %[2]
Насельніцтва
  • 24 327 чал. (1 студзеня 2024)[4]
Плошча 1 709,58[3]
(9-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
165 м[5]
Ганцавіцкі раён на карце
Часавы пояс UTC+03:00
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Га́нцавіцкі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Ганцавічы.

Будова паверхні

[правіць | правіць зыходнік]
Наваколіцы вёскі Люсіна

Паверхня раёна нізінная, належыць да Прыпяцкага Палесся. Агульны нахіл з поўначы на поўдзень. 85 % тэрыторыі раёна з абсалютнымі адзнакамі 150—160 м, 13,8 % ніжэй 150 м. Найвышэйшы пункт 195,8 м (на поўначы раёна, каля в. Шашкі). Найменшая абсалютная адзнака на паўднёва-ўсходняй ускраіне раёна, у даліне ракі Цна — 145 м над узроўнем мора.

Геалагічная будова і карысныя выкапні

[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічных адносінах Ганцавіцкі раён прымеркаваны да паўночнага схілу Палескай седлавіны. Зверху залягаюць пароды антрапагеннага ўзросту магутнасцю 60—90 м (у ледавіковых лагчынах да 140 м), у складзе якіх адклады сожскага (на поўначы), дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў. Пад антрапагенавымі ўтварэннямі неагенавыя і палеагенавыя адклады магутнасцю 10—20 м, мелавыя — 30—50 м (на захадзе ад г. Ганцавічы размытыя), на ўсходзе трапляюцца дэвонскія, паўсюдна верхнепратэразойскія (венд і рыфей) магутнасцю да 380 м. Агульная магутнасць платформавага чахла 470—750 м. Пад ім на глыбіні 300—600 м ніжэй узроўню мора пароды крышталічнага фундамента. 27 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 58,5 мільёна тон (найбольшыя Пусташ-Дабралуцкае, Падвялікі Мох, Галь, Пятрова Паляна); Круговіцкае радовішча будаўнічага пяску; Крышылавіцкае радовішча глін.

Паўночная частка Ганцавіцкага раёна адносіцца да Баранавіцка-Ганцавіцкага агракліматычнага раёна, паўднёвая — да Пінскага агракліматычнага раёна. Сярэдняя тэмпература студзеня −5,7, ліпеня 18 °C. Ападкаў выпадае 645 мм у год. Вегетацыйны перыяд 193 суткі.

Возера Вялікае Пакамерскае

Рэкі большай часткі раёна належаць да Прыпяцкага гідралагічнага раёна. Найбольшыя: Лань з прытокамі Нача, Цна, Бобрык. Пры ўпадзенні ракі Нача ў Лань — вадасховішча Лактышы. Густата натуральнай рачной сеткі 0,45 км/км². Даўжыня ўсёй меліярацыйнай сеткі 8211,1 км, у тым ліку адкрытай 2140,7, у якую ўваходзіць 91,6 км адрэгуляваных водапрыёмнікаў, 1252,5 км магістральных і паводкавых каналаў, 52,5 км — агараджальных, 743,9 км рэгуляцыйных каналаў. На тэрыторыі раёна маецца 12 азёр: Бохнава, Асмол, Чырвонае, Дубаўскае, Горнае, Малое, Шчыльнае, Качайскае, Жабы, Вялікае і Малое Пакамерскія, Лунёва, найбольшае з іх — возера Дубаўскае (17,8 га).

Глебы адносяцца да Ганцавіцка-Лунінецка-Жыткавіцкага аграглебавага падраёна, паўночная ўскраіна — да Гродзенска-Ваўкавыска-Слонімскага аграглебавага падраёна. Глебы сельгасугоддзяў (у працэнтах): дзярнова-падзолістыя — 5,1, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 36, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя — 21,2, тарфяна-балотныя — 31,1, поймавыя — 5,6; паводле механічнага складу (у працэнтах): сугліністыя — 0,03, супясчаныя — 23,4, пясчаныя — 43,9, тарфяныя — 32,5. Плоскасная эрозія на 4,4 % плошчы ворных зямель, у тым ліку на 0,7 % сярэдняя і моцная.

Раслінны і жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]
Багун на верхавым балоце

Расліннасць належыць да Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі. Лугі невялікімі ўчасткамі, агульная плошча 14,1 тыс. га. Сухадолы займаюць 97,8 %, нізінныя 2,2 % пераважна ў поймах рэк. Пад лясамі, якія адносяцца да падзоны грабава-дубова-цёмнахвойных лясоў, 50,2 % тэрыторыі раёна. Пашыраны раўнамерна, пераважна суцэльным масівам, які зрэдку разрываецца сельскагаспадарчымі ўгоддзямі. Склад лясоў (у працэнтах): хваёвыя 47,2, яловыя 3,8, дубовыя 1,9, чорнаальховыя 14,8, пушыстабярозавыя 31,2, грабавыя 0,2, ясянёвыя 0,1. 16,1 % лясоў — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвых. Сярэдні ўзрост дрэвастою хваёвых парод 49 гадоў, цвёрдалісцевых 48 гадоў. На 32 гектарах размешчаны лесагадавальнікі і лясныя плантацыі. 27 балот (належаць на захадзе раёна да Кобрынска-Пружанска-Ганцавіцкага тарфянога раёна, на ўсходзе да Лунінецка-Любанскага тарфянога раёна) плошчай 56,9 тыс. га, з якіх 42,8 тыс. га нізінныя, 8,1 тыс. га вярховыя, каля 6 тыс. га пераходныя. Найбольшыя балотныя масівы: Саніта, Падвялікі Мох, Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна. 3 паляўніча-прамысловых жывёл водзяцца лось, дзік, ліс, заяц-бяляк, заяц-русак, янотападобны сабака, вавёрка, чорны тхор, лясная куніца, воўк, рысь, выдра, андатра, крот.

Прыродакарыстанне і ахова прыроды

[правіць | правіць зыходнік]

Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі 40 694 га тэрыторыі раёна (12,8 % ворных зямель, 13,7 % сенажацей і паш). Асушана 35 008 га сельскагаспадарчых угоддзяў. Сярэдні бал банітэту сельгасугоддзяў — 32, найвышэйшы — 36, найніжэйшы — 20. Спецыялізацыя калгасаў — мяса-малочная жывёлагадоўля; пашыраны пасевы збожжавых культур і бульбы. 3 жывёл і птушак, узятых пад ахову і занесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь, водзяцца мядзянка, бабёр, казуля, чорны бусел.

  • 1992 — 37,5 тыс.
  • 2008 — 33,3 тыс.

Вялікай Айчынная вайна на Ганцаўшчыне

[правіць | правіць зыходнік]

У выключна цяжкіх умовах вялі баі часці Чырвонай Арміі на Ганцаўшчыне. На захад ад раённага цэнтра, на лініі Люсіна—Малькавічы—Люшча, савецкія войскі ажыццявілі контрудар супраць пераўзыходзячых сіл праціўніка. Упартыя баі ішлі з 25 па 29 чэрвеня 1941 г. Каб не трапіць у акружэнне. падраздзяленні Чырвонай Арміі вымушаны былі пакінуць абарончыя пазіцыі. 30 чэрвеня 1941 г. гітлераўцы занялі гарадскі пасёлак Ганцавічы.

У раёне дзейнічалі Ганцавіцкія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады 8-я, 12-я кавалерыйская імя Сталіна, 18-я імя Фрунзэ, імя Леніна, імя Панамарэнкі, імя Свярдлова, 208-ы імя Сталіна партызанскі полк, партызанскія атрады 113-ы, 200-ы, «Баявы» імя Дунаева, імя І. П. Топкіна, імя Шчорса, «Сокалы».

У ліпені 1941 г. з мясцовых жыхароў быў створаны асобны Ганцавіцкі партызанскі атрад (камандзір Чуміла), які ў жніўні панёс вялікія страты і спыніў існаванне.

3 асобных груп ваеннаслужачых пад Беластокам быў створаны партызанскі атрад Васільева (камандзір В. А. Васільеў, камісар І. В. Зібараў, начальнік штаба М. Д. Кісцюнін). Прайшоўшы з баямі па тылах ворага, атрад перабраўся ў Ганцавіцкі раён. Базіраваўся ў Радоўскім лесе каля в. Малы Рожан. 11 кастрычніка 1942 г. партызаны разграмілі нямецка-паліцэйскі гарнізон у в. Чудзін. Гарнізон у вёсцы акупанты не аднаўлялі. 30 кастрычніка 1942 г. штурмавыя групы атрада атакавалі фашыстаў у Чырвонай Слабадзе. Вораг панёс вялікія страты. Былі знішчаны будынкі жандармерыі, паліцэйскай аховы, дамы, дзе размяшчалася фашысцкая адміністрацыя, млын, лесапілка, электрастанцыя.

5 снежня 1942 г. партызаны пад камандаваннем В. А. Васільева знішчылі варожы эшалон каля ст. Люсіна.

26 кастрычніка 1942 г. на Ганцаўшчыну з Масквы была дэсантавана разведвальна-дыверсійная група «Сокалы» з 11 чалавек пад камандаваннем Рамана (Раман — партызанскі псеўданім легендарнага разведчыка, героя грамадзянскай вайны і вызвалення Заходняй Беларусі К. П. Арлоўскага), вядомага ў тутэйшых мясцінах таксама пад імем Мухі— Міхальскага. Летам 1943 г. К. П. Арлоўскі на базе «Сокалаў» стварыў самастойны разведвальна-дыверсійны атрад імя Кірава. Разведчыкі і сувязныя атрада дзейнічалі не толькі ў Ганцавіцкім раёне, але і ў Мінску, Брэсце, Беластоку, Баранавічах, Пінску, Лунінцы і іншых гарадах Беларусі, на тэрыторыі Польшчы.

Рашучыя дзеянні партызан прывялі да ўтварэння ў пачатку 1943 г. партызанскай зоны, у якую ўвайшлі Ленінскі і часткова Лунінецкі і Ганцавіцкі раёны.

У студзені 1943 г. было створана партызанскае злучэнне Пінскай вобласці, у якое ўвайшлі атрады Камарова (В. З. Каржа), імя Шчорса, В. А. Васільева, імя Кірава, імя Чапаева, А. І. Дамброўскага, імя Суворава, імя С. Лазо, імя М. Ц. Шыша, «За Савецкую Беларусь». Ішоў працэс аб’яднання атрадаў у брыгады. У партызанскай брыгадзе імя Леніна знаходзіліся Ганцавіцкія падпольныя райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ.

Супраць народных мсціўцаў гітлераўцы правялі на Ганцаўшчыне і ў іншых раёнах Палесся шэраг карных аперацый. Баявыя дзеянні супраць партызан на тэрыторыі Ганцавіцкага, Лунінецкага і Чырвонаслабодскага раёнаў у лютым 1943 г. ў ходзе аперацыі «Горнунг» вялі 3 паліцэйскія палкі і 5 батальёнаў, нямецкія баявыя групы «Норд», «Вест» і 7 каманд СД, спецыяльныя сотні пад камандаваннем эсэсаўцаў Граафа і Бібля, асобы батальён СС Дырлевангера. Народныя мсціўцы не толькі выстаялі, але нанеслі ворагу адчувальныя ўдары. У ходзе карнай аперацыі «Горнунг» фашысты загубілі каля 10 тыс. мірных жыхароў, захапілі 17 тыс. галоў жывёлы, сотні тон збожжа, спалілі дзесяткі вёсак, у тым ліку і в. Задуб’е Ганцавіцкага раёна.

Працягам «Горнунга» былі аперацыі «Русалка» (люты—сакавік 1943) і «Цёплы вецер» (сакавік 1943). Поўны правал пацярпела маштабная карная аперацыя «Герман». Значныя сілы кінулі карнікі летам 1943 г. супраць атрада К. П. Арлоўскага, моцнаму ўдару падвергліся брыгады Пінскага партызанскага злучэння, аднак партызаны без значных страт выходзілі з блакады і працягвалі барацьбу.

У ходзе «рэйкавай вайны» ўзмацніліся ўдары партызан па чыгуначных камунікацыях. Кожнай брыгадзе былі вызначаны пэўныя ўчасткі чыгункі. Партызаны брыгады імя Леніна ў ноч на 6.8.1943 г. на чыгунцы Лунінец—Баранавічы падарвалі больш за 1,9 тыс. рэек (рух спынены на 14 сутак), у верасні 1943 г. — больш за 3 тыс. рэек. У лютым 1944 г. разгромлены варожы гарнізон у в. Дзяніскавічы, у маі — на ст. Люсіна. Дыверсійныя групы 12-й кавалерыйскай брыгады імя Сталіна (камандзір У. А. Ціхаміраў) штомесяц учынялі на чыгунцы да 90 дыверсій. У студзені 1944 г. яны падарвалі 3 эшалоны каля ст. Мікашэвічы, 2 каля ст. Лунінец, у лю-тым пусцілі пад адхон 5 эшалонаў, узарвалі 16 мастоў на грунтавых дарогах, мост на вузкакалейцы Дзяніскавічы—Ганцавічы.

І. Р. Рамашка з дыверсійнай групы атрада імя Фрунзэ падарваў 3 воінскія эшалоны праціўніка.

Дзейснай формай партызанскай барацьбы ў тыле ворага былі рэйды. У верасні 1943 г. пад Мінскам завяршылася фарміраванне Беластоцкага партызанскага злучэння. Узначалілі яго сакратар Беластоцкага падпольнага абкома партыі В. Я. Самуцін і начальнік штаба абласнога партызанскага злучэння генерал-маёр П. П. Капуста. У ходзе рэйду пад Беласток партызаны правялі некалькі буйных аперацый на чыгунках. На лініі Баранавічы—Лунінец каля ст. Буды быў знішчаны атрад гітлераўцаў. 8-я партызанская брыгада з Магілёўшчыны (камандзір С. Г. Жунін) у час рэйду 20 студзеня 1944 г. каля в. Лактышы перабіла ахову і захапіла абоз фашыстаў. 19 лютага 1944 г. партызаны 208-га палка з Клічаўскага раёна (камандзір Я. М. Бяспоясаў) на ўчастку дарогі Люсіна — Малькавічы падарвалі варожы эшалон. У ходзе гэтай аперацыі знішчаны больш за 160 салдат і афіцэраў праціўніка. Каля вёсак Задуб’е і Малая Плотніца, што на мяжы Ганцавіцкага і Пінскага раёнаў, разгромлены атрад карнікаў, вызвалены з палону больш за 160 мірных жыхароў.

Рэйдам па тэрыторыі раёна прайшлі 150-я брыгада імя М. Ф. Языковіча (камандзір В. Я. Вялюгін), 208-ы партызанскі полк імя Сталіна з Клічаўскага раёна (камандзір Я. М. Бяспоясаў), атаксама партызанскае злучэнне пад камандаваннем С. А. Каўпака.

Баявыя поспехі партызан у многім залежалі ад узаемадзеяння з падпольшчыкамі. У шэрагу населеных пунктаў дзейнічалі падпольныя групы. Асаблівай актыўнасцю вылучалася Дзяніскавіцкае маладзёжнае падполле.

Члены падпольнай арганізацыі (кіраўнік І. А. Карпеня) вялі разведку ў нямецкіх гарнізонах, удзельнічалі ў разгроме валасной управы, на вузкакалейцы спалілі чатыры масты, разабралі больш за 2 км чыгункі, былі праваднікамі дыверсійных груп на чыгуначную станцыю Малькавічы, вывелі са строю тэлефонную лінію Ганцавічы—Людвікова, неаднаразова выводзілі са строю лесапільны завод, здабылі і пераправілі партызанам паперу, каля 200 кг солі, шматзброі, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро.

Патрыёты сабралі і перадалі партызанам шмат каштоўных звестак аб перамяшчэнні і канцэнтрацыі варожых падраздзяленняў у Ганцавічах. У 1943 г. І. І. Валаскевіч, Ф. П. Швайка, А. І. Дзенісеня, К. П. Карпеня і І. М. Карпеня пайшлі ў партызаны. Падпольшчыкі І.А Карпеня, А. С. Кляўчэня, Д. Р. Сукач, Ч. М. Зялёнка і В. А. Берташ засталіся ў вёсцы і працягвалі дзейнічаць. За 3 гады акупацыі ў раёне загінулі 8725 чалавек (чацвёртая частка насельніцтва), сярод іх 1617 жанчын, 863 дзіцяці, 836 ваеннапалонных. На прымусовыя работы ў Германію вывезены 505 чалавек.

Перш за ўсё акупанты знішчалі партыйных і савецкіх работнікаў, радавых членаў партыі і камсамольцаў, дэпутатаў, калгасных актывістаў.

У першыя дні акупацыі былі расстраляны дэпутаты Ганцавіцкага сельскага Савета і яго актывісты А. Ф. Грьшкевіч, А. Л. Кандратовіч, А. В. Курылік, мірныя жыхары в. Хатынічы і х. Яловая.

Летам 1941 г. ў в. Раздзялавічы былі расстраляны першы старшыня калгаса «17 верасня» Р. Я. Кузьмін, брыгадзір І. Ф. Зубік, дэпутат райсавета А. Д. Рабцэвіч і яе муж А. М. Рабцэвіч. Южніўня 1941 г. лютавалі фашысты ўвёсках Агарэвічы, Красынічы, Перадзел. У вёсках Агарэвічы і Красынічы спалілі 42 хаты, расстралялі 45 жыхароў.

У в. Задуб’е карнікі спалілі разам з жыхарамі 149 двароў (49 чалавек), у в. Хатынічы — 130 двароў (73 чалавекі). Такі ж лёс напаткаў і вёскі Свяціца, Чудзін, Макава.

У чэрвені 1944 г. партызаны Пінскага злучэння вялі ўзброеную разведку варожых войскаў перад фронтам наступаючай арміі на глыбіню ў 150 і больш кіламетраў. Яны сабралі і перадалі ў БШПР звесткі аб варожых гарнізонах на тэрыторыі Палесся і Піншчыны. У Ганцавіцкім раёне былі разведаны ганізоны ў Ганцавічах (2 тыс. чалавек), Малькавічах, Люшчы і інш. Вызначаны месцы ваенных штабоў.

Партызаны трымалі пад сваім кантролем камунікацыі ворага, паказвалі перадавым савецкім часцям зручныя шляхі руху, выдзялялі для іх праваднікоў. 3 3 да 5 ліпеня 1944 г. партызаны брыгад імя Леніна, Будзённага, Куйбышава, Кірава вялі баі за авалоданне станцыі Люсіна, Малькавічы, Люшча, Бастынь на чыгунцы Ганцавічы—Лунінец. Вызваліць іх народнью мсціўцы не змаглі, але нанеслі ворагу адчывальныя страты.

Раён вызвалены войскамі 1-га Беларускага фронту ў ліпені 1944 г. Баявыя дзеянні вялі часці 28-й і 61-й армій. Ганцавічы вызвалены 7.7.1944 г. воінамі 89-га стралковага корпуса (генерал-маёр А. Я. Яноўскі) 61-й арміі 1-га Беларускага фронту і партызанамі брыгады імя Леніна (камандзір В. А. Васільеў) у ходзе Беларускай аперацыі 1944 г.

Воіны-землякі штурмавалі Кёнігсберг, вызвалялі Варшаву, змагаліся на Вісле, бралі Берлін. Названы прозвішчы 259 савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў 1941—1944 гг. і пахаваны на тэрыторыі раёна.

Партызанская брыгада імя У. І. Леніна

[правіць | правіць зыходнік]

Брыгада дзейнічала ў раёне з сакавіка 1942 года, куды яна была перакінута па загаду УК КПБ з Беластоўскіх лясоў. Барацьба савецкага народа супраць фашысцкіх акупантаў узмацнялася. На франтах пад націскам Савецкіх войск фашысты вымушаны былі адступаць, пакідаючы на полі бою тысячы забітых і параненых сваіх салдат. У гэты час у тыле ворага, на акупаваных тэрыторыях дзейнічалі шматлікія партызанскія атрады, брыгады і злучэнні, у якіх налічвалася тысячы мсціўцаў. Пад націскам партызан, пры дапамозе насельніцтва колькасць ваенных варожых гарнізонаў паменшылася. За кошт гэтага пашыраліся партызанскія зоны. На ачышчанай ад ворага тэрыторыі ўстаўлівалася Савецкая ўлада. Толькі Пінская партызанскае злучэнне, якім камандаваў В. З. Корж, да канца 1943 года пашырала партызанскія зоны ў Ленінскім, Ганцавіцкім, Лунінецкім, Жыткавіцкім, Чырвонаслабодскім і Іванаўскім раёнах. Кіраўніцтва ў сёлах, якія ўваходзілі ў партызанскія зоны, належала «дэпутатам» выбраным сялянамі. Партызанская брыгада імя У. І. Леніна, якая ўваходзіла ў склад Пінскага злучэння, размяшчалася на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна і была створана ў красавіку 1943 года шляхам аб’яднання партызанскіх атрадаў «Васільева і Чапаева» (на базе васільеўцаў) дзеючых да гэтага самастойна.

У выніку папаўнення атрадаў новымі людзьмі (у асноўным мясцовай моладдзю) стала магчыма стварыць новыя атрады, якія і склалі партызанскую брыгаду імя Леніна. У яе ўвайшлі: атрад імя Ф. Дзяржынскага, імя Чапаева, імя Кутузава і кавалерыйскі эскадрон. Пасля аб’яднання было выбрана камандаванне ўзброеннага атрада. Камандзірам яго застаўся капітан В. А. Васільеў, камісарам ст. сяржант І. В. Зібараў, начальнікам штаба Н. Д. Кісцюнен, памочнікам камісара па камсамолу — Е. Узянюк.

Новаму папаўненню партызан патрэбна была зброя, якую можна было атрымаць з-за лініі фронта. Па гэтаму камандаванне злучэння вырашыла пабудаваць каля вёскі Хорастаў (сёння Салігорскі раён), аэрадром, дзе б маглі прызямляцца самалёты. Улетку 1943 года, сіламі партызан і сялян, з бліжэйшых вёсак пабудавалі ў лесе з пясчаным пакрыццём аэрадром. Савецкія самалёты з-за лініі фронта сюды прывозілі партызанам зброю, патроны, узрыўчаўтку, медыкаменты і інш. Адсюль забіралі параненых партызан на лячэнне за лінію фронта.

Па загаду Цэнтральнага штаба партызанскага руху на Беларусі ў штаб Пінскага партызанскага злучэння самалётам было завезена шмат узрыўчаткі. Перад штабам узнікла пытанне: як лепш выкарыстаць узрыўчатку. Каб нанесці ворагу больш страт, вырашылі большую частку ўзрыўчаткі выдзеліць брыгадзе імя Леніна, якая кантралявала чыгуначны ўчастак Ганцавічы — Лунінец. Партызаны брыгады імя Леніна гэты ўчастак чыгункі не толькі трымалі пад кантролем, але і ўносілі вялікі ўклад у рэгуляванне руху цягнікоў і, калі трэба было затрымаць варожы эшалон, то яго падстрэльваді з СТР (супрацьтанкавае ружжо), а калі трэба было знішчыць цягнік, яго падрывалі на міне.

З кожным днём фашыстам станавілася цяжэй весці барацьбу супраць партызан. Яго пазіцыі давалі трэшчынку на фронце і ў тыле. Хвалёная магутная машына адчувала паражэнне, ім станавілася цесна не толькі на чыгунцы, але і ў гарадах. 6-га жніўня 1943 года, партызаны атрада імя Ф. Дзяржынскага, атрымаўшы ўзрыўчатку, павінны былі правесці на чыгунцы эксперымент. Ён заключаўся ў тым, каб выйсці ноччу на чыгунку некалькімі групамі і ўзарваць адначасова вялікую колькасць чыгуначных рэяк. Ва ўказаны час узрыўчатку падпалілі і адбылосі нешта накштант франтавой кананады, падобна якой не чулі ахоўнікі чыгункі. Заданне было выканана.

У пачатку верасня 1943 года з аэрадрома ў атрады пачала паступаць зброя, прывезеная на самалёце з-за фронту. У другое аддзяленне першага ўзвода першай роты (атрад імя Ф. Дзяржынскага) паступіў РКД — ручны кулямёт Дзегцярова. У трэці ўзвод першай роты паступіла ПТР — новае пяцізараднае паўаўтаматычнае супрацьтанкавае ружжо. Рашэннем абкамам партыі і штаба Пінскага злучэння партызанам брыгады імя У. І. Леніна было даручана ўзарваць палатно чыгункі на вялікім участку паміж чыгуначнымі станцыямі Ганцавічы — Лунінец. Штабам партызанскай брыгады імя Леніна быў распрацаваны план аперацыі. Чыгунка на ўчастку Ганцавічы — Лунінец умоўна была разбіта на малыя ўчасткі, куды прызначалася канкрэтная група партызан і замацоўваьася за імі на ўвесь перыяд «Рэйкавай вайны». З успамінаў Ф. Карпені:

«У склад узрыўнікоў у асноўным увайшлі маладыя партызаны, здольныя хутка перамяшчацца ў залежнасці ад абстаноўкі, хутка займаць пазіцыі. Калі была закончана вучоба, то кожны партызан, які ўдзельнічаў у аперацыі „Рэйкавая вайна“, ведаў што і дзе яму рабіць у час аперацыі, ведаў сваё месца ў чарзе. У групу ўзрыўнікоў уваходзіла бакавая ахова, як з аднаго, так і з другога бакоў на чыгунцы. Бакавая ахова складалася з байцоў, добра валодаючых зброяй і ведаючых тактыку вядзення бою, бо сутычкі з ворагам маглі быць як запланавынымі, так і выпадковымі. У склад тых, каму даручалася падпальваць пастаўленыя міны другімі таварышамі, падбіраліся больш стойкія байцы, бо ім прыходзіласся працаваць на чыгунцы больш чым другім, яны першымі на чыгунцы з’яўляліся і апошнімі яе пакідалі. Адна група ставіла мін не менш 20, іх трэба было падпаліць пры любых абставінах і нават пад варожым агнём.

Групе даручылі ўчастак чыгункі (дзе мы павінны былі ўзарваць каля сарака рэек) паміж чыгуначнымі станцыямі Люсіна — Малькавічы.

Дачакаўшыся неабходнага часу, партызаны падышлі да чыгункі. Па аднаму выходзілі на чыгунку і разыходзіліся, хто ўправа, хто ўлева. Займалі свае месцы і прыступалі да мініравання чыгункі. Калі адбыліся першыя ўзрывы партызанскіх мін на адным учасіку, прагрымелі на апошніх. У гэты час фашысты адкрылі ўраганны агонь з бункераў, паліваючы свінцом чыгуначныя прасторы і лясы прылягаючыя да чыгункі (але мы ўжо адышлі ад чыгункі). За гэту ноч паспяхова правялі аперацыю на „Рэйкавай вайне“ усе групы партызан брыгады імя У. І. Леніна. Былі ўзарваны дзесяткі кіламетраў чыгункі і тэлефонна-тэлеграфнай лініі. Гэтым самым быў прыпынены чыгуначны рух на доўгі час. Страт з боку партызан не было».

Актыўныя баявыя дзеянні партызан брыгады імя У. І. Леніна не спыняліся. Атрады без перастанку вялі баі з гітлераўцамі. На баявым рахунку партызанскай брыгады імя У. І. Леніна шмат удала праведзеных баёў з гітлераўцамі, дыверсіі на чыгунках і аўтамабільных дарогах, мноства здабытых каштоўных разведадзеных пра праціўніка і перададзеных у Цэнтр вестак. Вось найбольш значныя і выніковыя партызанскія аперацыі:

  • разгром варожых гарнізонаў у Хонску і Адрыжыне,
  • напад на нямецка-паліцэйскі гарнізон у Заастравеччы,
  • баі з карнікамі ў раёне вёскі Колкі,
  • напад у жніўні 1943 г. на станцыю Буды (15 кіламетраў ад Ганцавіч),
  • разгром варожых эшалонаў каля станцый Люшча, Малькавічы, Люсіна, вёскі Дзяніскавічы,
  • налёт на станцыю Люсіна,
  • разгром нямецка-паліцэйскага гарнізона ў вёсцы Дзяніскавічы.

Асабліва адчувальныя ўдары па ворагу партызаны нанеслі летам 1943 года, калі гітлераўцы спрабавалі ўзяць рэванш за паражэнне пад Сталінградам і Курскай дузе. Па загаду свайго Цэнтральнага штаба партызаны ўсіх злучэнняў выйшлі на чыгунку і надоўга паралізавалі рух варожых эшалонаў. Партызаны брыгады імя У. І. Леніна праводзілі дыверсіі на чыгунках Баранавічы — Ганцавічы — Лунінец, Баранавічы — Бяроза — Кобрын, на шашы Івацэвічы — Целяханы — Пінск. У выніку гэтых дыверсій толькі за адну ноч 6 жніўня 1943 года на дарозе Лунінец — Ганцавічы — Баранавічы яны ўзарвалі 1900 рэек, рух варожых эшалонаў быў перапынены на 14 сутак. У верасні пасля аднаўлення руху на гэтым участку партызаны падарвалі яшчэ тры тысячы рэяк. Гітлераўскія акупанты раз’юшыліся, зверскі распраўляліся з мірным насельніцтвам тых вёсак, дзе былі партызаны. Аднак полымя партызапскай барацьбы разгарнулася яшчэ ярчэй, і ніякія сілы не маглі спыніць народ, які ўзяў у свае рукі зброю ў імя абароны сваёй Айчыны. У лютым 1944 года партызаны брыгады імя Леніна разграмілі варожы гарнізон у вёсцы Дзяніскавічы, спалілі лесазавод, дэпо, чатыры паравозы. Другога мая 1944 года народныя мсціўцы здзейсніл смелы налёт на чыгуначную станцыю Люсіна, шостага мая — на воінскі эшалон з тэхнікай і жывой сілай паблізу вёскі Люсіна. Пазней брыгада імя Леніна ўдзельнічала ў разгроме фашыстаў каля станцый Люшча, Бастынь, вёскі Альшанка. 7 ліпеня 1944 г. брыгада імя Леніна (1030 партызан) злучылася з часцямі Савецкай Арміі. За два гады сваёй баявой дзейнасці ў тыле ворага партызаны-васільеўцы пусцілі пад адхон 69 варожых эшалонаў з баявой тэхнікай і жывой сілай, разбілі 37 цягнікоў, 1415 вагонаў, знішчылі больш за 1635 гітлераўцаў. Такім быў уклад у агульную перамогу над ворагам партызан брыгады імя Леніна. Аб іх подзвігу ў гады суровага ліхалецця нагадвае мемарыяльная дошка на будынку Чудзінскага сельвыканкама, устаноўленая ў гонар брыгады імя У. І. Леніна.

Спецатрад «Балотныя»

[правіць | правіць зыходнік]

Спецатрад «Балотныя»-разведвальна-дыверсійная група, закінутая ў тыл ворага 22-га жніўня 1943 года. Кіраўнік — В. П. Лашчынін, партызанская клічка — Кастроў. Атрад базіраваўся на хутары Пароцін былога Лагішынскага раёна Брэсцкай вобласці. З успамінаў У.Жалезнага — былога партызана атрада «Балотныя»: "Налёты на камунікацыі праціўніка мы рабілі ў асноўным з хутара Ходава. Тут у нас былі свае людзі, якія аказвалі вялізарную дапамогу. Мелі мы сувязных і на Люсінскіх хутарах, сярод іх асобнага агента Аляксандра Глінскага. Па заданню камандзіра ён працаваў у фашастаў на чыгунцы і аказваў партызанам неацэнную дапамогу. Гэта было раніцай 5-га ліпеня 1944 года. Атрад «Балотныя» атрымаў заданне. Аперацыю ўзначаліў І. М. Крупеніч — намеснік камандзіра атрада па аператыўнай рабоце. З сабой прыхапілі ўзрыўчатку, міны і іншыя боепрыпасы. Да хутара Ходава мы дабраліся вечарам. Тут ад свайго даўняга знаёмага даведаліся аб жорсткіх здзеках фашыстаў над мясцовым насельніцтвам. Ноччу некалькі сем’яў з Люсіна пакінулі свае хаты і пайшлі ў лес. Фашыств выслалі на іх пошук карнікаў, якія напалі на след чатырох сем’яў і расралялі іх. Цудам выратавалася адна дзяўчына і яе 10-гадовая сястрычка. Іосіф Мартынавіч Крупеніч папрасіў, каб дзяўчат прывялі да нас. З болем у сэрцы і з нянавісцю да акупантаў слухалі мы ўсхваляваны расказ аб жорсткай раправе карнікаў над вяскоўцамі. Дзяўчаты паказалі месца, дзе адбыліся забойствы. І цяпер, здаецца, стаяць перада мною постаці гэтых сяцёр, не па гадах сталых, і іх вочы, у якіх затаіліся і перажыты страх, і цяжкае гора і помста акупантам. Трэба было неяк суцешыць сірот, дапамагаючы ім у бядзе. Іосіф Мартынавіч параіў дзяўчатам застацца на хутары Ходава. «Людзі тут добрыя, у крыўду не дадуць», — сказаў на развітанне. Тады мы пакляліся адпомсціць ворагам за здзекі. На світанку 7-га ліпеня 1944-га года на хутар Багоўка вярнуўся атрад на чале з С. М. Пытлевічам, не была і М. Крупеніча і І. А. Ярашэвіча. Яны адправіліся ў разведку пад Ганцавічы. Раніцай мы пачулі страляніну з боку Люсіна. Пытлевіч не стаў чакаць вяртання разведкі. Павёў партызан на дапамогу насельніцтву. Да Люсіна рухаліся па бальшаку. Недалёка ад вёскі ва ўрочышчы «Масцішча» партызаны наткнуліся на нямецкую засаду і вымушаны былі пачаць перастрэлку. Я застаўся ў Багоўцы чакаць Крупеніча. Ён вярнуўся, а Ярашэвіч застаўся, каб канчаткова высветліць абстаноўку ў Ганцавічах. У лесе мы абмеркавалі што рабіць далей. І. М. Крупеніч прапанаваў заманіць немцаў з"Масцішча" у лес і добра «пачаставаць» іх агнём. С. Пытлевіч узяў з сабой партызан, жыхароў вёскі Люсіна І. А. Цялушку і І. П. Жалезнага. Яны прабраліся да самой засады і выйшлі на дарогу. Немцы заўважылі іх, але не стралялі, відаць вырашылі ўзяць партызан жывымі. Адзін з немцаў выйшаў і пачаў махаць рукою, клікаць да сябе. Станіслаў Міхайлавіч з сябрамі павярнуліся ў бок нашай засады і пабеглі. Іх фігуры замільгалі паміж ствалоў векавых сосен. Фашысты кінуліся праследаваць партызан, адкрылі агонь. Мы сачылі і гатовы былі ў любую хвіліну дапамагчы сябрам. Пачалася страляніна. Мы вымушаны былі адступаць у Панамарава. Відаць у немцаў быў радыст, бо ў хуткім чаме паблізу сталі рвацца снарады. У Панамарава нас чакаў Ярашэвіч, які паведаміў аб тым, што немцы ў Ганцавічах узрываюць склады і ліхаманкава адступаюць. Вырашылі выйсці на боркаўскую дарогу, замініраваць яе і зрабіць засаду. Партызаны ведалі, што фашысты ў лес не пойдуць. Каля 20-ці кіламетраў ішлі яны, каб перахапіць адступаючых гітлераўцаў. На боркаўскую дарогу выйшлі ў другой палове дня і тут заўважылі, што ў напрамку Ганцавіч рухаецца калона салдат. Партызаны прытаіліся ў засадзе. А калі калона падышла бліжэй, мы ўбачылі, што гэта нашы. Тут атрад «Балотныя» сустрэўся з воінамі Савецкай Арміі. Гэта была наша апошняя баявая аперацыя.

Спецгрупа «Волаты»

[правіць | правіць зыходнік]

Спецгрупа «Волаты» была закінута ў тыл ворага ў 1943 годзе. Камандзір атрада А. М. Шыхаў. Атраду Шыхава была пастаўлена канкрэтная задача: перайсці лінію фронта, правесці глыбокую аператыўную разведку праціўніка ўздоўж чыгуначнага трохвугольніка Мінск — Лунінец — Баранавічы, сітэматычна арганізаваць і праводзіць дыверсіі на чыгуначных і шасейных дарогаг. У вёсцы Чудзін атрад «Волаты» на чале з камандзірам Шыхавым і яго намеснікамі Віктаравым і Бурундусавым стварылі разведвальныя і дыверсійныя групы. У правядзенні глыбокай апнратыўнай разведкі і арганізацыі дыверсій вялікую дапамогу атраду аказвалі камадзір партызанскай брыгады імя Леніна В. А. Васільеў, і камандзір партызанскай брыгады імя Панамарэнкі С. М. Іваноў. Выбар вёскі Чудзін у якасці асноўнай базы атрада быў невыпадковым. Падыходы да яе закрывалі цяжкапраходныя, а месцамі зусім непраходныя балоты і багны… Актыўная баявая і разведвальна-дыверсійная дзейнасць прыняла шырокі размах. Гэта не магло доўга заставацца незаважаўнным. Гітлераўцы пачалі рыхтаваць карную аперацыю ў Чудзін. Адна з развндвальных груп Шыхава дзейнічала ў Баранавічах, і разведчыкі даведаліся аб падрыхтоўцы фашыстамі «візіту» у Чудзін. Аб гэтым стала вядома Шыхаву і камандзірам партызанскіх брыгад. Былі прыняты меры да абароны. З успамінаў І.Леўчыкава: "У пачатку сакавіка адна з дыверсійных груп атрада выйшла з Чудзіна на выкананне баявога задання. Камандзір атрада Шыхаў загадаў узарваць воінскі эшалон на чыгуначным перагоне Ганцавічы - Люсіна. Баявая задача была нялегкай. У Ганцавічах стаяў фашысцкі гарнізон, знаходзіліся тылавыя службы, а ў школьным будынку гітлераўцы размясцілі нямецкі афіцэрскі штаб. Таму падыходы да мястэчка вельмі пільна ахоўваліся фашыстамі. …Адзін з лепшых падрыўнікоў атрада сяржант Бязрукаў упэнена вёў групу партызанскімі сцежкамі ўсё бліжэй да чыгункі. За камандзірам ішоў Мікалаў Фёдаравіч Лужных. Ён галоўны мінёр групы. Да вёскі Чучавічы ўзрыўчатку звычайна везлі на возе, далей неслі на плячах. У вёсцы стаяла застава партызан Мінскага злучэння. Партызанскі сувязны вёў групу Бязрукава ляснымі сцежкамі далей. У вёсцы Макава камандзір групы Піліп Бязрукаў даведаўся пра абстаноўку і, у залежнасці ад яе, працягваў паход. На хутары за вёскай групу сустракаў надзейны праваднік, стрэлачнік чыгуначнай станцыі Люсіна Ф. М. Сяргечык, па клічцы «Шпала». Ціха, бясшумна падышлі да чыгуначнага насыпу. Стаіліся ў зручным месцы і пачалі назіраць. Выбраўшы момант Бязрукаў загадаў: — Ахоўвайце падыходы! Першую міну паставілі перад паваротам з такім разлікам, што раніцай яна стане на баявым узводзе. Задума была такая: правярючы палатно чыгункі, немцы кожную раніцу пускалі кантрольны перавоз, яго і ўзарве першая міна. Устанавіўшы міны група Бязрукава адышла ў лес. …З боку Ганцавіч чутны гудкі паравоза. Цягнік марудна падыходзіў да павароту, раздаўся выбух і рэхам адазваўся лес. Зашыпела пара з катла паравоза. Байцы радаваліся, настрой ва ўсіх быў вясёлы. Днём пазней на другой міне ўзарваўся воінскі эшалон фашыстаў з боепрыпасамі і танкамі. Загінула многа гітлераўцаў. Байцы атрада асобага прызначэння прынялі ўдзел у 15-ці баявых сутычках з праціўнікам, у якіз забілі 75 нямецкіх афіцэраў. Пад адхон было пушчана каля 80-ці эшалонаў з воінскай тэхнікай і жывой сілай. На ўчастку дыверсіі атрада была выведзена са строю чыгунка на тэрмін больш 33-ох сутак. Адначасова з дыверсіямі воіны спецатрада вялі вялікую разведвальную работу. У цяжкіх умовах бясстрашныя разведчыкі здабылі многа каштоўных звестак аб праціўніку. Устанавілі месцаснаходжанне 10-ці варожых аэрадромаў з боепрыпасамі. У ліпені 1944 года ў вёску Чудзін уступілі воіны 19-й механізаванай брыгады першага Краснадарскага механізаванага корпуса. Атрад «Волаты» быў выведзены ў тыл. Усе воіны атрада «Волата» за мужнасць і адвагу былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Камандзір атрада старшы лейтэнант Аляксандр Мікітавіч Шыхаў за гераізм, праяўленую ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, быў удастоен звання Героя Савецкага Саюза.

Ганцавіцкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Пінскай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 12 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Ганцавіцкі, Дзяніскавіцкі, Круговіцкі, Кукаўскі, Лактышскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Навасёлкаўскі, Рожанскі, Хатыніцкі, Чудзінскі. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Брэсцкай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Круговіцкі, Кукаўскі і Чудзінскі сельсаветы, Ганцавіцкі сельсавет перайменаваны ў Любашаўскі, Лактышскі — у Нацкі, Навасёлкаўскі — у Свяціцкі[6], які 22 красавіка 1957 года перададзены Ляхавіцкаму раёну. 22 снежня 1959 года Рожанскі сельсавет перайменаваны ў Чудзінскі. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Ганцавічы, Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі сельсаветы перададзены Ляхавіцкаму раёну, Малькавіцкі сельсавет — Лунінецкаму раёну, населеныя пункты Баравая, Вялікі Рожан, Добрая Лука, Новы Рожан і Чырвоныя Хутары Чудзінскага сельсавета перададзены ў склад Любанскага раёна Мінскай вобласці[7]. 30 ліпеня 1966 года раён утвораны зноў у тым жа адміністрацыйна-тэрытарыяльным складзе. 6 снежня 1973 года гарадскі пасёлак Ганцавічы набыў статус горада раённага падпарадкавання[8]. 20 кастрычніка 1995 года горад Ганцавічы і Ганцавіцкі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку.

Сённяшні дзень Ганцавіцкага раёна

[правіць | правіць зыходнік]

Ганцавіцкі раён размешчаны за 246 км на паўночны ўсход ад Брэста, 202 км ад Мінска. Плошча 1,71 тыс. км². Населеных пунктаў 40, у тым ліку горад Ганцавічы, 8 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі. Горад Ганцавічы размешчаны на чыгунцы Баранавічы — Лунінец, звязаны аўтамабільнымі дарогамі з Мінскам, Слуцкам, Брэстам, Лунінцом, Клецкам, Лагішынам, Пінскам, Баранавічамі. Насельніцтва раёна складае 31,2 тыс. чалавек, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — 17,3 тыс. Працаздольнага насельніцтва 53 %. Насяляюць раён беларусы (29 798), рускія (679), палякі (366), украінцы (199), іншыя нацыянальнасці [9]. У раёне жывуць 733 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 233 вязні фашызму, 9800 пенсіянераў, 625 мнагадзетных сем’яў, 1400 інвалідаў, 113 воінаў-інтэрнацыяналістаў, 16 ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. У складзе раёна 12 калгасаў, і сельскагаспадарчае калектыўнае прадпрыемства, 16 фермерскіх гаспадарак, 6 прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку, 6 будаўнічых арганізацый, эксперыментальная навукова-даследчая база «Журавінка» Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і інш. Прамысловыя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў асноўным у Ганцавічах. Сярод іх сельскі камбінат буйнапанэльнага домабудавання, хлебазавод, лясгас, лесапункт, аб’яднанне «Райаграпрамсэрвіс», рыбгас «Лактышы» і шэраг іншых.

Культура і адукацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Сетку ўстаноў культуры раёна складаюць:

На тэрыторыі Ганцавіцкага раёна знаходзіцца 50 помнікаў гісторыі, археалогіі і архітэктуры. З іх 10 археалагічных, 36 гістарычных, 4 помніка архітэктуры.

Помнікі народнага драўлянага дойлідства

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя людзі Ганцаўшчыны

[правіць | правіць зыходнік]

Старшыня Ганцавіцкага раённага выканаўчага камітэта

[правіць | правіць зыходнік]
  1. http://gantsevichi.brest-region.gov.by/index.php?option=com_content&view=article&id=11257&Itemid=242&lang=ru
  2. Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  5. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  6. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Брестской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938-1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  7. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 25 декабря 1962 г. Об укрупнении сельских районов БССР Архівавана 11 верасня 2019.
  8. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 6 декабря 1973 г. О преобразовании городского поселка Ганцевичи Ганцевичского района Брестской области в город районного подчинения Архівавана 21 сакавіка 2019.
  9. Перепись населения 2009. Национальный состав Республики Беларусь. Том 3 Архівавана 18 лютага 2019.